ГУ́КІ МО́ВЫ,
найдрабнейшыя непадзельныя адзінкі вуснай мовы, што выконваюць функцыю адрознення і атаясамлівання гукавых абалонак слоў. Не з’яўляючыся носьбітамі значэння, гукі мовы фарміруюць слыхавы вобраз марфемы, слова, выказвання, якія дзякуючы замацаваным за імі ў свядомасці носьбітаў мовы лексічным і грамат. значэнням дазваляюць ажыццяўляць моўную сувязь.
У анатама-фізіял. плане гукі мовы вызначаюцца становішчам сукупнасці органаў мовы (артыкулятараў) у час іх вымаўлення (гл. ў арт. Артыкуляцыя). У акустычным плане — гэта перыядычныя і неперыядычныя гукавыя хвалі, што накладваюцца адна на адну або чаргуюцца ў часе і ўтвараюць бесперапынную моўную плынь. Дыскрэтнасць (раздзельнасць) гукаў мовы вызначаецца зменай крыніцы гуку (квазіперыядычнай, шумавой, імпульсна-шумавой, яе адсутнасцю), якая згладжваецца зменай рэзанатараў (аб’ёму поласцей рота, носа і глоткі). У залежнасці ад крыніцы і функцыі ў складзе гукаў мовы падзяляюцца на галосныя гукі і зычныя гукі (выбухныя, фрыкатыўныя, афрыкатыўныя і плаўныя). На аснове здольнасці адрозніваць марфемы і словы ўся разнастайнасць гукаў мовы аб’ядноўваецца ў адносна невял. групу фанем, што дае магчымасць носьбітам мовы ўспрымаць фізічна нятоесныя гукі з розных фанет. пазіцый як адзін і той жа гук.
Літ.:
Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.
А.І.Падлужны.
т. 5, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)